ПРА́ВА НА ЖЫЦЦЁ,

адно з асноўных асабістых правоў чалавека, якое абараняецца міжнар. правам і канстытуцыямі большасці дэмакр. краін. Змест П. на ж. шматгранны і адрозніваецца ў розных дзяржавах. Там, дзе смяротная кара адменена (Аўстралія, Аўстрыя, ФРГ, Францыя і яшчэ больш як 40 дзяржаў), П. на ж. азначае, што ні адзін чалавек ні за якія дзеянні не можа быць пазбаўлены жыцця. У краінах, дзе існуюць розныя рэжымы захавання смяротнай кары(прымяненне смяротнай кары, выкарыстанне яе ў выключных выпадках, адмаўленне ад яе прымянення на практыцы), пад П. на ж. разумеецца, што ніхто не можа быць пазбаўлены жыцця без неабходнай прававой працэдуры. У шэрагу канстытуцый П. на ж. канкрэтызуецца пералікам пэўных злачынстваў, за якія можа быць устаноўлена законам смяротная кара, а таксама кола асоб, да якіх яна не можа прымяняцца (напр., жанчыны, непаўналетнія). Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, разам з абвяшчэннем П. на ж. робіць агаворку, што «смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда», і ўдакладняе, што да гэтай меры пакарання не могуць быць асуджаны асобы, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, а таксама мужчыны, якія дасягнулі на дзень вынясення прыгавору 65 гадоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)